You are on page 1of 4

На ростанях і сцежках краязнаўства

Чужое хвалім, сваё забываем,


не ведаем самі, што маем…

Перадавыя настаўнікі сучаснай школы нямала працуюць над


паляпшэннем арганізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу, што звязана з
імкненнем да таго, каб матывавана набытыя веды вучняў сталі свядомымі,
трывалымі, пераканальнымі і цесна звязанымі з маральна-эстэтычнымі
ідэаламі і поглядамі грамадства. У рэчышчы гэтай педагагічнай дзейнасці
нашых калег асаблівая роля належыць настаўнікам-беларусаведам , а
таксама беларускамоўным гісторыкам, надзённым абавязкам якіх
з’яўляецца, па-першае, усведамленне складанейшай міжнароднай сітуацыі
і тых умоў існавання, у якія пастаўлена Беларусь і якія ўскосна на яе
ўплываюць, і, па-другое, актыўнае прыўнясенне патрыятычнай дамінанты
ў выкладанне сваіх прадметаў, як гаворыцца, для “ўмацавання сэрцаў”.
Зрэшты, не шкодным будзе прыслухацца да нашых прапаноў і іншым
выкладчыкам-прадметнікам, якія б маглі паспяхова разнастаіць
пазакласную работу з дзецьмі этымалагічнымі пошукамі і адкрыццямі ў
біяграфіі родных слоў.
Любіць тыя вечныя назвы, ведаць паходжанне прозвішча і імя,
помніць радавод, не забываць грудлівыя сцежкі-дарожкі, якімі бегалі ў
маленстве і юнацтве – усё гэта складнікі выхавання сапраўдных патрыётаў
нашай Айчыны.
Своеасаблівая ніша ў гэтай высакароднай справе належыць
краязнаўству як найважнейшай галіне вывучэння родных мясцін, вялікага
практычнага вопыту народа. У Тлумачальным слоўніку беларускай мовы
адзначаецца, што краязнаўства ставіць на мэце вывучэнне геаграфіі,
гісторыі, эканомікі, культуры пэўнай мясцовасці насельніцтвам, для якога
гэтая тэрыторыя з’яўляецца родным краем [1, c.726].
Краязнаўства ўзнікла вельмі даўно і мае сталыя традыцыі,
замацаваўшы за сабой і другую назву – “Радзімазнаўства”. Яшчэ наш
выбітны асветнік Францыск Скарына, які пастаянна ўзгадваў сваё месца
нараджэння, сказаў цудоўныя словы пра адданасць малой радзіме не толькі
чалавека, але і кожнага жывога стварэння: “Звери, ходящие в пустыни,
знают ямы своя; птицы, летающие по воздуху, ведают гнезда своя; рыбы,
плывущие по морю и реках, чуют виры своя; пчелы и тым подобная,
боронять ульев своих. Тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть
по Бозе, к тому месту великую ласку имають” [2, c.18].
Аб тым, што нашыя дзяды з павагай ставіліся да ўсяго кроўнага,
сведчаць шматлікія творы вуснай народнай творчасці, асабліва казкі,
легенды, паданні, а таксама шэдэўры мастацкай літаратуры. Творчы
набытак народнай памяці і чалавечай дасканаласці можа з плёнам пасеяць
настаўнік роднай мовы і літаратуры не толькі на ўроках беларускай,
рускай мовы, прыгожага пісьменства, але і ў пазакласнай і пошукавай
працы. Даследчыя работы вучняў будуць значнымі, калі іх звязаць з
краязнаўчым матэрыялам (“На прызбе бабулі Алены”, “Літаратурнымі
пуцявінамі роднага краю”, “Забытыя імёны”, “Моўнае сузор’е роднай
мясцовасці” і інш.).
Не сакрэт, што апошнім часам пачынае знікаць у пэўнай ступені
інтарэс навучэнцаў да мовазнаўчай і літаратурнай спадчыны. Міні-
апытанне студэнтаў першага курса розных спецыяльнасцей філалагічнага
профілю дзяржаўнага ўніверсітэта засведчыла нізкі ўзровень
элементарных краязнаўчых ведаў. На пытанне аб гістарычнай назве вуліцы
Савецкай – самай важнай транспартнай магістралі горада – адказ не
прагучаў, хоць у горадзе ёсць тралейбус, у якім можна прачытаць шмат
інфамацыі аб тагачасных найменнях вуліц абласнога цэнтра. Такое добрае
пачынанне ўлад, як нам падаецца, трэба распаўсюджваць і ўкараняць усімі
магчымымі спосабамі і сродкамі. Не было адказу ў апытваемых і на
пытанне аб паходжанні іншых гарадскіх аб’ектаў: вуліцы, назвы
прадпрыемстваў (“Камінтэрн”), дзяржаўных устаноў (тэлекампанія
“Нірэя”), мікрараёнаў (Мельнікаў луг, Валатава, Прудок, Якубоўка,
Манастырок, Амерыка). А хто такі першакурснік? Гэта ўчарашні школьнік,
якому ягоны настаўнік не палічыў за патрэбнае ў свой час расказаць пра
такія “нязначныя дробязі”, якога гэты настаўнік не звазіў на экскурсію, не
пабываў з дзецьмі ў нефармальных абставінах, не пазнаёміў іх ані з якой
жыццёвай мудрасцю, зашыўшыся ў сухасць прынцыпаў словаскладання і
непахісных догм літаратурнай крытыкі. Што вынесе такі студэнт за
чатыры гады навучання ва ўніверсітэце? Усё добра ў свой час: і паслухаць
у раннім дзяцінстве з вуснаў маці казкі з “Бацькавага дару”, і задумацца
над штодзённымі каштоўнасцямі беларускай дзятвы, чытаючы “Пяць
лыжак заціркі” Змітрака Бядулі, і паплакаць над бедным Тубі з Цэйлону, і
спраецыраваць на сябе пачуцці закаханых мележаўскіх Васіля і Ганны, і
захапіцца велічнай маляўнічасцю прыроды Далёкага Усходу, занатаванай у
Вечнасці тытанічным талентам Уладзіміра Караткевіча… Ці чытаюць
гэтыя кнігі нашыя дзеці? Што па-сапраўднаму ўражвае іх у беларускай
літаратуры і пакідае адбітак чалавечнасці ў іх душах?
Абуджэнне цікавасці ў вучняў да вывучэння мовы і літаратуры,
пошук матывацыі застаюцца першаступеннай задачай і на сённяшні дзень
захоўваюць надзвычайную важнасць. Настаўнік славеснасці павінен
імкнуцца знайсці разнастайныя спосабы і падыходы зацікаўлення вучняў
да знаёмства з культурнымі каштоўнасцямі. Як прыцягнуць увагу да
бяздоннага багацця слоў і выразаў, самабытных найменняў і адметных
назваў? Перш за ўсё мэтазгодна стымуляваць пазнавальныя інтарэсы асобы
з дзіцячых гадоў. Якое самае салодкае слова для чалавека на любой мове
свету? Самае дарагое слова для кожнага з нас, як калісьці сказаў вялікі
Дэйл Карнэгі, – нашае ўласнае імя. З гісторыі імя, з паданняў аб
паходжанні свайго прозвішча вырастае натуральная цікавасць і да
ўзнікнення назвы роднай вуліцы, вёскі, горада, краіны… Так
выгадоўваецца павага да айчыннай гісторыі, да нашых нацыянальных
герояў і асветнікаў, так мацуецца гістарычная памяць, якая не дазваляе
потым прыжывацца ў грамадскай свядомасці наўмысным штучным
фальсіфікацыям і прадухіляе падмену нашых самабытных каштоўнасцей
чужацкімі традыцыямі і сімволікай.
Назвы роднай зямлі… Журавы, Вішанькі, Бярозкі, Хвойкі, Ельня,
Грушкі, Лясок, Ліпняк, Дубок… Іх незлічоная колькасць, іх мноства, і ўсе
яны незвычайна прыгожыя і чысценькія, ласкавыя і мілагучныя, росныя і
дажджавыя, сонечныя і пшанічныя, жытнёвыя і дурнічныя, журавінавыя і
зёлкавыя, цёплыя і сцюдзёныя, вясёлкавыя і вячыстыя… Яны такія, як
чалавечы лёс, які не заўсёды наканоўваў нашым прашчурам шчасце і
долю. Шчырасцю і сардэчнасцю зіхацяць алёс, буда, гута, барок, грудок,
пагост, плёсы, паташня, рудня, смольня… З лёгкасцю да іх далучаюцца
талака, сябрына, бонда, братчына, дзядзькаванне… Для такіх слоў няма
паняццяў бяспамяцтва, забыццё. Іх нельга не шанаваць. Нашы далёкія
продкі пранеслі залацінкі роднай мовы праз смугу стагоддзяў, захавалі і
збераглі ў іх незвычайную шчодрасць, таму іх мудрасці і прароцтву можна
па-добраму толькі пазайздросціць.
Усе адзначаныя вышэй прыклады з поспехам выкарыстае настаўнік
пры вывучэнні назоўніка, прыметніка ў розных класах. А каб урок
атрымаўся больш насычаным і незабыўным, важна арганізаваць
краязнаўчыя хвілінкі, якія варта падрыхтаваць загадзя, даўшы вучням
заданне распавесці пра паходжанне назвы вёскі, пасёлка, горада,
прозвішча, імя… Выступаючы з такім паведамленнем, вучні
практыкуюцца адначасова ў рытарскіх навыках маўлення, вучацца
літаратурна публічна гаварыць і годна трымацца. Такім чынам,
пачынаецца першы этап падрыхтоўкі да розных творчых конкурсаў, у якіх
без красамоўства не абысціся, а па-другое, такім парадкам усё часцей і
часцей гучыць з вуснаў маленькіх грамадзян жывое беларускае слова.
Кожны навучальны год у школах праходзяць дні роднай мовы і
літаратуры. Як нам падаецца, іх трэба ажыўляць, мяняць шматгадовыя
прывычныя сцэнарыі, “асучасніваць” такія мерапрыемствы. Таму адзін з
дзён можа быць названы краязнаўчым. У гэты дзень прапануем наступныя
мерапрыемствы-цікавінкі: выстава кніг з абавязковай прэзентацыяй
“Краязнаўчай газеты” і кнігі “Памяць”, выпуск лістка-бюлетэня “Мы тут
жывём”, конкурс замалёвак “Мая вёска”, “Мой горад”, сустрэчы са
знакамітымі землякамі. Лічым неабходным спыніцца на адным з галоўных
чыннікаў арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу – літаратурна-
краязнаўчай экскурсіі, пад час якой у першую чаргу раім наведаць
памятныя месцы: Полацк, Тураў, Рагачоў, Мазыр, Петрыкаў, Ветку і
пабываць на радзіме славутых пісьменнікаў: Івана Мележа, Івана
Шамякіна, Івана Навуменкі, Андрэя Макаёнка, Анатоля Грачанікава і інш.
Убачаныя вачамі, зафіксаваныя на фотаздымках сюжэты і помнікі даўніны,
асабіста пройдзеныя разам з настаўнікам дарогі назаўсёды застануцца ва
ўдзячнай памяці дапытлівых гадаванцаў. Экскурсія ў Тураў пазнаёміць
вучняў і педагогаў са знакамітымі постацямі старажытнасці, святымі
Беларускай праваслаўнай царквы: Кірылам, Марцінам і Лаўрэнціем
Тураўскімі, з анамастычнай прасторай унікальнага куточка Палесся.
У заключэнне трэба сказаць, што нашыя прапановы носяць,
несумненна, рэкамендацыйны, але настойлівы характар. Хочацца верыць і
думаць, што творчы настаўнік знойдзе ў іх тую іскрынку, якая потым
запаліць у вучняў агеньчык, імя якому  – любоў да мовы і літаратуры, а ў
далейшым – і да роднай Беларусі. Менавіта сёння, каб вытрываць у
складаных умовах глабалізацыі і перадзелу свету, сучасны педагог
абавязаны распавядаць маладым беларусам пра старадаўнюю гісторыю
Бацькаўшчыны, яе росквіт у часы Вялікага княства Літоўскага, яе
магутную асветніцкую ролю і палітычны ўплыў у Еўропе ў часы Рэчы
Паспалітай абодвух народаў, яе нацыянальна-вызваленчы і адраджэнцкі
рух, увасоблены ў постацях нашых незаслужана забытых славутых
землякоў.

Спіс літаратуры
1. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, т. 2. Мн., БелСЭ імя П.Броўкі,
1978.
2. Лабынцаў, Юрый Скарынаўскі каляндар // Ю. Лабынцаў Мн., Мастацкая
літаратура, 1990. – 183 с.

Леанід КУЗЬМІЧ, кандыдат філалагічных навук,


Рыгор СЕРЫКАЎ, кандыдат філалагічных навук
г. Гомель

You might also like