You are on page 1of 2

Зямля пад белымі крыламі

Чалавек… Такая загадкавая і складаная істота, якая жыве, працуе, шукае сваё
прызначэнне ў жыцці. І ў асноўным, як вынік, знаходзіць. Але праз што павінен
ён спачатку прайсці, колькі выпрабаванняў выпадае на долю яго. Ён не
спыняецца і рухаецца далей, рухаецца да сваёй вызначанай мэты. Але штосьці
ўсё ж такі дапамагае яму спраўляцца з цяжкасцямі, штосьці рухае яго наперад.
А што? Хтосьці кажа, што справа ў характары, хтосьці лічыць інакш.
Некаторыя вызначаюць, якую вялікую ролю адыгрывае падтрымка. Так,
звычайная падтрымка. Нельга не згадзіцца. Сапраўды, падтрымка родных,
сяброў, настаўнікаў надае сіл рухацца далей, да заваявання новых вяршыняў.
Аднак існуе і іншая падтрымка, існаванне якой ніхто не можа пацвердзіць ці
абвергнуць. Яна жыве ў водары кветачкі з роднай паляны, у вясновых спевах
салаўёў, у мелодыі ветрыка, у начным небе над родным краем. Здаецца, што ўсё
гэта так блізка, нават тады, калі зусім далёка. Радзіма… Вось наш скарб, наша
натхненне, наш галоўны цуд, які мы павінны берагчы і шанаваць. Сэрцам мы
заўсёды застаемся там, дзе нарадзіліся, там, дзе прамовілі першае слова, там,
дзе зрабілі першы крок ў жыцці. Малая Радзіма… Менавіта тут і расквітае мая
душа.
Вобраз Радзімы-маці адыграў вялікую ролю ў станаўленні многіх вядомых і
таленавітых асоб. Неаднаразова майстры слова роднага ў думках вярталіся ў
мінулае, у тое месца, якое яны называюць сваёй малой радзімай. І тады з-пад
пяра з'яўляліся новыя, але ўжо добра знаёмыя для аўтара вобразы. А творы,
прасякнутыя глыбокім патрыятызмам, цёплым пачуццём, творы, у якіх і
жывуць гэтыя вобразы, былі прысвечаны любові да роднага краю. Нашы
слаўныя продкі бачылі толькі адзін жыццёвы шлях. І які ён? Не заўсёды
просты, але затое ён заўсёды мае пах роднага кутка. Уладзімір Караткевіч
казаў: "Ёсць адзіна годны шлях: служыць айчыне да крывавага поту, не
чакаючы ўзнагароды ад людзей і лёсу, проста таму, што іначай нельга". Я
згодна з нашым славутым продкам. Ці можна жыць інакш? Ці можа чалавек не
мець ніякіх пачуццяў да Бацькаўшчыны? Інакш жыць можна, але мне не
хацелася б аб гэтым думаць.
Наша Беларусь выхавала сыноў, якімі можна ганарыцца. Адным з іх з’яўляецца
Уладзімір Караткевіч – вядомы і любімы ў народзе беларускі пісьменнік, паэт і
драматург. Асноўная тэма творчасці пісьменніка – гісторыя роднага краю, яе
рамантычна-легендарнае асэнсаванне. З дзяцінства хлопчыка цікавілі творы
мастацкай літаратуры, якія ён не толькі ўважліва слухаў, але і дадумваў свой
працяг. Чытаць навучыўся рана, а ў шэсць гадоў, паводле ўспамінаў родных, ім
былі напісаны першыя вершы. Хлопца чакала вялікая будучыня.
Ён яшчэ не ведаў, што праз гады ім будзе ганарыцца не только родная Орша,
але і ўся краіна. Уладзімір Караткевіч стаў адным з духоўных сімвалаў
сучаснага беларускага адраджэння. Як гэта было раней часта, актыўная
жыццёвая пазіцыя Уладзіміра Караткевіча, сумленне патрыёта і грамадзяніна,
якога больш за ўсё хваляваў лёс беларускага народа, выклікалі часам
крытычнае стаўленне і незадавальненне ідэалагічных "ахоўнікаў парадку".
Многія з твораў былі апублікаваны толькі пасля смерці пісьменніка. Уладзімір
Караткевіч зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай літаратуры, абуджэнне
гістарычнай памяці народа. Яго творчасць паказвае: беларускі народ,
нягледзячы на шматлікія пакуты і выпрабаванні, нягледзячы на прыгнечаны
стан у пэўныя гістарычныя часы, трагічныя падзеі ў яго гісторыі, застаўся
народам вялікай душы і светлага розуму, не страціў свайго нацыянальнага
аблічча. Пісьменнік ганарыцца Радзімай і сваім народам.
"Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам:
выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі," -
гаварыў Уладзімір Караткевіч. Ён нібы ўзяў гэта выказванне за галоўнае
правіла па жыцці. Колькі светлых думак выказваў наш продак. Большая частка
з іх знаходзіцца ў яго творах. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як
аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха», «Сівая легенда», раманы «Каласы
пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Чорны замак
Альшанскі», нарыс «Зямля пад белымі крыламі». Менавіта кніга «Зямля пад
белымі крыламі" прысвечана прыродзе і гісторыі Беларусі, распавядае пра
традыцыі і звычаі беларускага народа. У гэтым творы аўтар запрашае маладога
чытача ў падарожжа па Беларусі, паказвае ўсё хараство роднай прыроды,
прывівае любоў да роднай зямлі. Як зазначыў сам Уладзімір Караткевіч, нарыс
быў створаны не для таго, каб толькі расказаць пра родную краіну, але для таго,
каб зацікавіць моладзь гісторыяй, прыродай і таксама прыгажосцю роднай
зямлі. Аўтар нібы схаваў у творы добры штуршок моладзі. Ён запрашае
моладзь пазнаць і зацікавіцца гісторыяй і бытам Беларусі. Галоўнае ў творы –
тое, што чытаецца між радкамі. Гэта патрыятызм, любоў да народа і сваёй
Радзімы.
Можна пазайздросціць такой упэўненай пазіцыі аўтара наконт айчыны. Шкада,
але далёка не ўсе грамадзяне так эмацыйна і поўна ўспрымаюць паняцце
“Радзіма”. Гэта становіцца сапраўднай праблемай для нашай маладой краіны.
2020 год –гэта трэці год у Беларусі, які праходзіць пад знакам Года малой
радзімы. Менавіта так можна выхаваць грамадзянскі патрыятызм, адрадзіць тыя
ўзнёслыя пачуцці да роднай краіны, якія былі так добра знаёмыя нашым
продкам. Будучыня краіны ў руках моладзі. Хацелася б спадзявацца на тое, што
наша пакаленне не толькі адродзіць шчырую любоў да Радзімы, але і ліквідуе
праблему ўжывання роднай мовы. Пачнем з сябе, са сваёй малой радзімы. Быць
можа, нашымі сумеснымі намаганнямі праз некалькі гадоў беларуская мова
перастане жыць толькі ў кнігах? Я веру!

You might also like