You are on page 1of 11

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ «ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ


УНІВЕРСЫТЭТ ІМЯ ЯНКІ КУПАЛЫ»

Факультэт матэматыкі і інфарматыкі


спецыяльнасць “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”

РЭФЕРАТ

МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ
ЯК ВЫНІК БІЛІНГВІЗМУ

Развадоўская Маргарыта
Виктараўна,
студэнтка 1 курса спецыяльнасці
“Кіраванне інфармацыйнымі
рэсурсамі” дзённай формы
навучання, група 191

Навуковы кіраўнік
Маршэўская В.В.,
дацэнт кафедры
беларускай філалогіі,
к.ф.н., дацэнт

ГРОДНА, 2019
ЗМЕСТ

УСТУП……………………………………………………………………….. 3
АСНОЎНАЯ ЧАСТКА……………………………………………………... 4
Раздзел 1. Паняцце білінгвізму. Аспекты білінгвізму …………………… 4
Раздзел 2 Білінгвізм і інтэрферэнцыя. Віды інтэрферэнцыі……………… 6
Раздзел 3 Трасянка як лінгвістычная з’ява ………………………………... 7
Раздзел 4 Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі ………………………... 8
ЗАКЛЮЧЭННЕ……………………………………………………………… 10
Спіс літаратуры……………………………………………………………… 11

2
УСТУП

На нашай планеце жывуць многія народы. Яны


знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва
суседнія этнасы, якія часта маюць адну тэрыторыю
пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы.
Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і
іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў
моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы
авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне
адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і інш.).

Роднасць славянскіх моў і іх блізкасць у адзінстве


лексічнага складу, у фанетычнай сістэме, у марфалогіі і
сінтаксісе тлумачацца перш за ўсё агульнасцю паходжання з
адной праславянскай крыніцы, што падтрымліваецца таксама
тымі пастаяннымі інтэнсіўнымі кантактамі, якія абумоўлены
знешнімі геаграфічнымі, эканамічнымі і іншымі сувязямі
народаў.

У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць,


прыводзіць да інтэрферэнцыі, гэта значыць пры маўленні на
адной мове ўжываюцца элементы іншай мовы. Узровень
інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай,
ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш. [1].

3
АСНОЎНАЯ ЧАСТКА
Раздзел 1 Паняцце білінгвізму. Аспекты білінгвізму

Білінгвізм (лац. bilinguis < (bis) = двойчы, lingua = мова), ці двухмоўе, –


валоданне і папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку
знаходзяцца тры і больш моў – гэта шматмоўе або полілінгвізм. У навуковай
літаратуры можна знайсці і некаторыя іншыя азначэнні гэтага паняцця. І гэта
зразумела, бо білінгвізм – гэта вельмі складаны моўны і маўленчы працэс.
Білінгвізм – з’ява складаная, шматбаковая, яна цікавіць не толькі
лінгвістыку, але і псіхалогію, псіхалінгвістыку, сацыялогію, і таму даследуецца
ў трох аспектах: псіхалагічным , педагагічным і сацыялінгвістычным.
Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага
складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, эмацыйнай прыстасаванасцю,
з праблемамі пераключэння з аднаго моўнага кода на другі. Увогуле, з пазіцый
псіхалінгвістыкі білінгвізм – гэта здольнасць ужываць у камунікацыі дзве
моўныя сістэмы. Я. М. Верашчагін выдзяляе тры ўзроўні білінгвізму:
рэцэптыўны (разуменне маўлення, якое належыць другаснай маўленчай
сістэме), рэпрадуктыўны (уменне ўзнавіць прачытанае і пачутае) і прадуктыўны
(уменне не толькі разумець і ўзнаўляць, але і будаваць асэнсаваныя
выказванні). Некаторыя даследчыкі вылучаюць такія тыпы білінгвізму:
каардынатыўны – аднолькавае валоданне дзвюма мовамі і змешаны, калі другая
мова засвойваецца пры ўжо сфарміраванай сістэме першай мовы. Пры
змешаным двухмоўі набытая мова заўсёды зведвае ўплыў першай, таму
адчуваецца пастаянная барацьба з роднай мовай [1].
У навуковай літаратуры адрозніваюць два тыпы білінгвізму: пасіўны
(залежны) і актыўны (незалежны). У пасіўным білінгвізме звычайна сістэма
роднай мовы выступае як дамінантная, адпраўная, яна перадае другой моўнай
сістэме свае катэгорыі і формы. Інакш кажучы, асоба з такім тыпам білінгвізму
нават тады, калі размаўляе на іншай мове, думае на роднай, а ўжо потым
перакладае тэкст. Такі тып білінгвізму звычайна ўзнікае ў выніку навучання
іншай мове. Пры актыўным білінгвізме кожная з моў функцыянуе незалежна,
самастойна. Носьбіт такога двухмоўя пры карыстанні якой-небудзь адной
мовай не звяртаецца да паслуг іншай.
Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой
мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой.
Сацыялінгвістычны аспект праблемы двухмоўя ахоплівае кола
пытанняў, звязаных з вывучэннем адносін «білінгвізм – грамадства», такіх, як:
• сфера выкарыстання першай і другой мовы;
• ступень авалодвання мовамі;
• размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі;

4
• кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму, моўная палітыка
дзяржавы і г. д.
Вылучаюць наступныя разнавіднасці двухмоўя:
• індывідуальнае, калі дзвюма мовамі валодаюць толькі асобныя члены
калектыву;
• групавое, калі двухмоўнымі з’яўляюцца цэлыя групы або асобныя слаі;
• поўнае, ці суцэльнае, калі двухмоўе з’яўляецца характэрным для ўсіх
сацыяльна-культурных груп народа;
• дзяржаўнае, калі ў адной краіне статус афіцыйнай, дзяржаўнай маюць
дзве мовы, напрыклад, у Фінляндыі – фінская і шведская, у Канадзе –
англійская і французская.
Па іншых крытэрыях можна выдзеліць такія тыпы двухмоўя: кантактнае,
якое ўзнікае ў выніку сумеснага жыцця двух народаў (беларуска-польскае,
беларуска-літоўскае), і некантактнае, калі непасрэдны кантакт паміж групамі
адсутнічае (беларуска-нямецкае) [1].

5
Раздзел 2 Білінгвізм і інтэрферэнцыя. Віды інтэрферэнцыі

Двухмоўе, або білінгвізм (ад лац. bi “двойчы” і lingua “мова”) –


папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца тры і
больш моў, прынята гаварыць пра шматмоўе, або полілінгвізм. Пры
фарміраванні двухмоўя з блізкароднасных моў (напрыклад, беларускай і
рускай) і пры нізкай моўнай кампетэнтнасці носьбіта дзвюх моў можа ўзнікаць
моўная інтэрферэнцыя. Моўная інтэрферэнцыя (ад лац. inter “паміж сабой” і
ferens “той, хто нясе, пераносіць”) – з’ява адхілення ад нормаў у адной мове з-за
звароту пры яе выкарыстанні да нормаў іншай мовы. Адрозніваюцца наступныя
віды інтэрферэнцыі: марфалагічная, сінтаксічная, фанетычная, лексічная,
словаўтваральная, акцэнталагічная. Марфалагічная інтэрферэнцыя звязана з
разыходжаннямі ў граматычным афармленні разнамоўных лексем (у родзе,
ліку, склоне назоўнікаў, ва ўтварэнні сінтэтычных формаў вышэйшай і
найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, у родавых і склонавых формах
лічэбнікаў, адметнасці ўтварэння дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў і інш.).
Сінтаксічная інтэрферэнцыя звязана з адрозненнямі ў будове словазлучэнняў,
простых і складаных сказаў (кіраванне і інш.): жениться на Ольге (рус.) –
ажаніцца з Вольгай (бел.), управляющий автотранспортом (рус.) – які кіруе
аўтратранспартам (бел.). Фанетычная інтэрферэнцыя звязана з адметнасцямі
фанетычных сістэм розных моў і прыводзіць да парушэння арфаэпічных
нормаў мовы: [γ р а]зный дво[ры]к (рус.) замест [гр’а]зный дво[ри]к. Лексічная
інтэрферэнцыя звязана з розніцай або частковым падабенствам ва
ўласналексемным і семантычным аспектах розных моў: батька (рус.) замест
отец. Словаўтваральная інтэрферэнцыя звязана з несупадзеннем
словаўтваральных элементаў у аднакаранѐвых словах розных (але блізкіх) моў:
распаўсюджвацель (бел.) замест распаўсюджвальнік, заснавацель (бел.) замест
заснавальнік. Акцэнталагічная інтэрферэнцыя звязана з разыходжаннямі ў
націску ў рознамоўных лексемах: адзінáццаты (бел.) – одúннадцатый (рус.) [2].

6
Раздзел 3 Трасянка як лінгвістычная з’ява
У сітуацыі двухмоўяў на тэрыторыі Беларусі ўзнікла і функцыянуе
такая лінгвістычная з’ява, як «трасянка» – прамежкавая форма
змешанага маўлення, своеасаблівы моўны гібрыд. Назва ўяўляе
тэрміналагічную метафару, створаную ў выніку пераносу зыходнага
слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Трасянка –
гэта сумесь сена з саломай для кармлення жывёлы, якая па якасці моцна
саступала сену. Калі ў гаспадра не хапала добрага сена, ён дадаваў
салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважала падману і з’ядала
трасянку. Сэнс «недабраякасная сумесь» і быў перанесены ў моўную
сферу.
З лінгвістычнага пункту погляду трасянка – моўны прадукт, які
ўзнік шляхам механічнага змешвання ў розных прапорцыях элементаў
рускай і беларускай моў. Гэта сродак камунікацыі гарадскога
насельніцтва Беларусі, русіфікаваны варыянт беларускай мовы. Ад
літаратурнай мовы «трасянку» адрознівае поўная адсутнасць нормаў:
беларуска-рускае маўленне не падпарадкоўваецца строгім правілам і
ўяўляе сабой механічнае змешванне розных моўных элементаў. Акрамя
таго, «трасянка» характарызуецца малой прадказальнасцю. З’яўленне тых
ці іншых слоў у вялікай ступені залежыць ад канкрэтных умоў камунікацыі.
Сітуацыя двухмоўяў патрабуе пэўных намаганняў пры засваенні нормаў
рускай і беларускай літаратурных моў. Значна лягчэй з пункту гледжання
неадукаванага чалавека выкарыстоўваць своеасаблівы моўны «гібрыд». Часцей
за ўсё «трасянка» ўзнікае ў выніку засваення рускай мовы людзьмі, якія былі
выхаваны ў вясковым асяроддзі і апынуліся ў горадзе ў сувязі з перасяленнем,
павышэннем грамадскага статусу і інш.
З’яўленне «трасянкі» абумоўліваецца некаторымі прычынамі. Яна ўзнікае
найперш з неабходнасці падтрымання камунікацыі ва ўмовах абмежаваных
кантактаў паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам, з аднаго боку, і
рускамоўным адміністрацыйным чыноўніцтвам, што мае больш высокі
грамадскі статус, – з другога. Небывалая міграцыя вяскоўцаў у горад таксама
пашырае сферу выкарыстання «трасянкі», паколькі яна ўжо стала ўспрымацца
як неабходны элемент гарадской моўнай сітуацыі. Аднак ва ўспрыманні саміх
носьбітаў «трасянка» ацэньваецца як «некультурная мова», бо напамінае пра іх
вясковае паходжанне. Як з’ява выключна індывідуальная «трасянка» ўзнікае ў
працэсе моўных зносін з носьбітамі, а не ў працэсе паступовага навучання.
Дрэннаму валоданню другаснай моўнай сістэмай спадарожнічае пагарда і
нянавісць да роднай мовы, яе лічаць асноўнай прычынай такога стану. У выніку
разбураецца і валоданне першаснай сістэмай, таму становіцца складаным і
маўленне па-беларуску [1].

7
Раздзел 4 Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі

Рэспубліка Беларусь з’яўляецца шматнацыянальнай


дзяржавай з шырока распаўсюджаным двухмоўем
(білінгвізмам). На тэрыторыі Беларусі двухмоўе існавала
здаўна, хоць яго характар і састаўныя кампаненты мяняліся.
Так, у перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-
царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе. З
пашырэннем на тэрыторыі Беларусі польскай мовы пачало
складацца беларуска-польскае двухмоўе. Пазней шырока
развіваецца беларуска-рускае двухмоўе. Сучасная моўная
сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна
суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа
быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае
беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена: нa індывідуальным
беларуска-рускім двухмоўем, калі побач з роднай беларускай
мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову;
індывідуальным руска-беларускім двухмоўем, калі побач
зрускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае беларускую
мову; індывідуальным беларускім ці рускім аднамоўем. Побач з
беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах
сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі,
латышамі існуе адпаведнае беларуска-польскае, беларуска-
літоўскае, беларуска-латышскае двухмоўе. Для небеларускага
насельнітва яно мае характар польска-беларускага, літоўска-
беларускага і г.д. Паколькі ў гэтых раёнах функцыянуе і руская
мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-
польска-рускае і г.д. шматмоўе. Сёння і беларуская, і руская
мовы выкарыстоўваюцца ў большасці важнейшых сфер
дзейнасці чалавека. У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў,
якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі, г.зн. пры
маўленні на адной мове ўжываюцца элементы другой мовы.
Іншымі словамі інтэрферэнцыя прыводзіць да парушэння
нормаў суіснуючых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад
ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома
адрозніваць факты розных моў і шэрага іншых прычын.
Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з’ява
даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы:
нa фанетыку, калі, напрыклад, у рускай мове двухмоўнага
індывіда сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя

8
рысы, як цвёрдыя [р] і [ч] на месцы рускіх мяккіх [р’] і [ч’],
дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне і г.д.; a
акцэнтуацыю, калі двухмоўны індывід размаўляе, напрыклад,
на беларускай мове, а выкарыстоўвае націск рускай мовы: зá
руку (замест за рукý), глі΄няны (замест гліня´ны), крапі´ва
(замест крапівá) і г.д. a марфалогію, калі граматычнае
афармленне рускіх і беларускіх лексем не адпавядае норме,
напрыклад, карыстаючыся рускай мовай двухмоўны індывід
можа няправільна ўжываць родавыя формы назоўнікаў
(золотой медаль замест золотая медаль, порванный шинель
замест порванная шинель), канчаткі назоўнікаў множнага ліку
(озёры замест озёра, окны замест окна) і г.д. a лексіку, калі
білінгв, напрыклад, у беларускай мове ўжывае выраз гуляць
ролю замест адыгрываць ролю, г.зн. выкарыстоўвае слова з
неўласцівым яму ў дадзенай мове значэннем; a сінтаксіс, калі
пры карыстанні рускай мовай білінгв уводзіць у яе сінтаксічныя
канструкцыі беларускай мовы, напрыклад, смеяться с него
замест смеяться над ним, вернуться со школы замест
вернуться из школы і да т.п. Блізкароднасны характар
беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і
ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні ў той ці
іншай мове. Аднак яны, як правіла, не ўплываюць на працэс
разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай
мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага
двухмоўя стаіць, пераважна, як праблема культуры беларускай
і рускай моў ва ўмовах двухмоўя [3].

9
ЗАКЛЮЧЭННЕ

Узаемапранікненне моўных элементаў у выніку кантактавання моў,


ужыванне пры маўленні на адной мове элементаў другой мовы, што прыводзіць
да парушэння нормаў гэтых моў. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені
блізкасці моў, узроўню валодання другой мовай, ад умення свядома
адрозніваць факты розных моў і інш.
Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з’ява
распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы: фанетыку, акцэнтуацыю,
марфалогію, лексіку, сінтаксіс. Блізкароднасны характар беларускай і рускай
моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры
маўленні на адной ці другой мове. Аднак гэтыя памылкі не ўплываюць на
працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму
праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць як праблема
культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах білінгвізму.

10
Спіс літаратуры

1. Маршэўская, В. В. Беларуская мова. Прафесійная лексіка для


матэматыкаў і фізікаў / В. В. Маршэўская . – Мінск : РІВШ, 2019. – 228 с.
2. Венідзіктаў, С. В. Беларуская мова. Юрыдычная лексіка : вучэбны
дапаможнік / С. В. Венідзіктаў, С. І. Даніленка; Міністэрства ўнутраных спраў
Рэспублікі Беларусь, МВК МУС РБ. – Магілёў : Магілёўскі вышэйшы каледж
МУС Рэспублікі Беларусь, 2013. – 140 с.
3. Лапкоўская, А. М. Беларуская мова (Прафесійная лексіка) : вучэб.
дапам. / А. М. Лапкоўская. – Гродна : ГрДУ, 2009. – 271 с.

11

You might also like