You are on page 1of 6

УДК 82.

091
Л.Б. Сямёнава
Уільям Шэкспір на Беларусі
Інстытут літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі, Мінск
Творчасць Шэкспіра зрабіла прыкметны ўплыў на тэатральнае
мастацтва Беларусі, садзейнічала росту прафесійнага акцёрскага і
рэжысёрскага мастацтва. Дата першай пастаноўкі Шэкспіра на беларускай
сцэне дакладна не вядома. Але можна сцвярджаць, што ўпершыню
беларускіх гледачоў з творамі Шэкспіра пазнаёмілі гастрольныя трупы ў
першай палове ХІХ стагоддзя.
У пачатку 40-х гадоў у Мінску працуе пастаянная трупа,
узначальваемая Янам Хелмікоўскім. Гэта трупа паказвае спектаклі на двух
мовах – рускай і польскай, як амаль і ўсе астатнія. Захаваўся рэпертуарны
спіс тэатра Хелмікоўскага, праверанага цэнзурай у 1842 годзе. Гэты спіс
складаецца з 80 назваў оперных і драматычных твораў, сярод якіх можна
сустрэць і “Гамлет” У. Шэкспіра[1:51]. У 1844 годзе гэты тэатр пачынае
працаваць ў будынку ратушы і ўжо мае назву Мінскі тэатр. Такім чынам,
ён пераходзіць у рукі гарадскіх улад. Рэпертуар тэатра папаўняецца яшчэ
адной п’есай Шэкспіра -- “Атэла”.
Шматлікія афішы, што захаваліся да нашага часу сведчаць аб тым,
што трагедыю “Гамлет” Шэкспіра таксама ў 40-х гадах ўжо ставілі ў
Гродне. Так, напрыклад, трупа пад кіраўніцтвам В. Шмідгофа ставіла гэту
п’есу ў 1842-1843 гадах, праз сорак гадоў трупы С. Лені (сезон 1864-65), Ф.
І. Надлера ў 1888 годзе, таварыства артыстаў Г. С. Галіцкага (сезон 1893-
94; Гамлет – Г. С. Галіцкі)[2:245]. Таксама ў Гродне ў зімні сезон 1878-
1879 акцёры Віленскага тэатра паказвалі “Атэла” (у ролі Атэла – Ф. Гораў),
у 1893-1894 – у Мінску таварыствам артыстаў пад кіраўніцтвам Г.
Галіцкага. Ён сам і іграў Атэла. У Магілёве ў 1894 годзе таварыствам
артыстаў з удзелам М. М. “Петыпа” была паказана камедыя “Утаймаванне
свавольніцы”. “Кароль Рычард III” быў у рэпертуары братоў – гастралёраў
Роберта і Рафаіла Адэльгеймаў, якія выступалі ў Мінску і іншых гарадах
Беларусі ў 1896-1900. Вядома, што “Кароль Лір” восенню 1890 года быў у
рэпертуары трупы А. Картавава, якая выступала ў Мінску. Усе гэтыя
пастаноўкі адбываліся на польскай альбо на русскай мовах.
Першая беларуская пастаноўка Шэкспіра – “Сон у летнюю ноч”
(пераклад на беларускую мову Юркі Гаўрука) -- адбылася ў 1925 годзе ў
Маскве ў Беларускай драматычнай студыі пад кіраўніцтвам В. С.
Смышляева. Прэм’еру гэтага спектакля на Беларусі убачылі толькі 21-22
лістапада 1926 года ў выкананні ІІ Беларускага дзяржаўнага тэатра ў
Віцебску на аснове студыі. Цітанію іграла С. Станюта, а Аберона – К.
Саннікаў. Невыпадкова, што “Сон у летнюю ноч” больш за пяць гадоў не
сыходзіў са сцэны і быў адыгран больш за сто разоў, няледзячы на тое, што
ў п’есе захаваліся толькі тры акта замест пяці і былі скарочаны некаторыя
маналогі і разважанні [3:23].
У 1926 годзе выдатны беларускі перакладчык Юрка Гаўрук публікуе
першы пераклад Шэкспіра на беларускую мову (“Сон летняе ночы ”
урывак з 3 дзеі 2 сцэны ). Праз два гады ён друкуе пераклады некаторых
санетаў Шэкспіра. А яшчэ праз сем гадоў робіць пераклад “Гамлета” і
друкуе яго.
У 1941 годзе Беларускі Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы
пачынае работу над трагедыяй “Рамэо і Джульета”, але з-за вайны яна
была адкладзена, і толькі ў 1945 годзе беларусы мелі магчымасць убачыць
спектакль. Пераклад з англійскага быў зроблены К. Крапівой (у друку
дадзены пераклад з’явіўся ў 1954 годзе). У 1945 годзе таксама адбываецца
прэм’ера камедыі “Дванаццатая ноч” Шэкспіра (рэжысёр – С.
Владычанскі, у ролі Малвольё – Д. Арлоў, сэра Тобі – А. Кістоў).
У 1953 годзе рэжысёр В. Фёдараў робіць пастаноўку “Караля Лір” у
Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі, дзе Караля Ліра іграе
К. Кістоў, І Лакштанава – Кардэлію, А. Шах-Парон – Рэгану, А Абуховіч –
Ганерылью, Г. Кочетаў – Кента, Я. Карнаухаў – Эдмунда. Гэты спектакль
стаў падзеяй тэатральнага жыцця Мінска. Пераклад здзейсніла А.
Дружыніна. Гэту пастаноўку высока ацанілі не толькі нашы тэатральныя
крытыкі, але і англійскія тэатральныя дзеячы Джон Ферналд і Майлс
Малісан: “Кароль Лір” у выкананні Кістова надзвычайна добры. У Англіі
мы лічым, што гэту роль немагчыма сыграць, бо ў ёй закладзена вельмі
вялікая думка, якую не можа перадаць чалавек. За ўсё маё жыццё я бачыў
шмат каралёў Ліраў і кожны раз быў расчараваны, за выключэннем двух
выпадкаў, калі прыходзіў да высноў, што акцёр цалкам дасягнуў таго, чаго
жадаў Шэкспір. Першы выпадак – гэта калі Ліра іграў наш англійскі акцёр
Дональд Вольфій, а другі...калі ролю выконваў А. Ф. Кістоў. Місіс
Лакштанава была лепшай Кардэліяй, якую я бачыў калі-небудзь.”[3:10]
У 1954 годзе з’яўляюцца новыя пераклады Шэкспіра на беларускую
мову. Артур Вольскі ў сааўтарстве з Віталем Вольскім выдае кнігу
“Гамлет: Трагедыя”. У гэтым жа годзе Юрка Гаўрук друкуе пераклад
“Атэла”, а Язэп Семяжон -- “Караля Лір”.
У 1964 годзе да 400 годдзя з дня нараджэння вялікага англійскага
драматурга беларускія тэатры паставілі шэраг п’ес Шэкспіра, напрыклад,
“Канец – справе вянец” (тэатр імя Я.Купалы, рэжысёр – Шчарбакоў), а
пісьменнікі здзейснілі шэраг перакладаў. У часопісе “Беларусь” (выпуск
№4) з’явіліся пераклады Юркі Гаўрука і Уладзіміра Дубоўкі некаторых
санетаў Шэкспіра. Міхась Дуброўскі таксама перакладаў санеты і
надрукаваў іх у газеце “Гродненская праўда”, а Язэп Семяжон у
штотыднёвіку “Літаратура і Мастацтва” надрукаваў два маналогі з
“Утаймавання свавольніцы”. У 1965 годзе Беларускі тэатр імя Я. Коласа
ставіць “Караля Лір” (рэжысёр – А. Падабед, а перакладчык – Я. Семяжон).
Да 410-годдзя Шэкспіра Юрка Гаўрук перакладае “Караля Лір”, а на
сцэне Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра з’яўляецца “Макбет” у
перакладзе Ю. Карнеевай і ў сцэнічнай рэдакцыі і пастаноўцы Б. Луцэнкі.
Ролю Дункана выконваў К. Шышкін і І. Ражба, Малькольма – В.
Шушкевіч, Макбета – Я. Янкоўскі, Банка – Ю. Сідараў, ледзі Макбет – А.
Клімава і Н . Чамадурава. Гэты спектакль меў 328 паказаў, апошні раз яго
ігралі ў 1990 годзе.
Напрыканцы 80-х гадоў ХХ стагоддзя назіраецца зварот рэжысёрамі
да п’ес англійскага класіка з Стрэдфарда–на-Эйване. У 1984 годзе
Дзяржаўны рускі драматычны тэатр паставіў “Гамлета” (рэжысёр –
В.Маслюк), на жаль, на рускай мове ў перакладзе Б. Пастэрнака. Таксама ў
перакладзе Б. Пастэрнака “Гамлета” паказвае Тэатр студыі кінаакцёра. І
толькі ў 1997 годзе п’есу паказваюць на беларускай мове ў тэатры імя Я.
Купалы (малая сцэна). Сцэнічную рэдакцыю і пераклад зрабіў А. Дудараў,
рэжысёр – В. Анісенка.
Зімой 1986 года адбылася прым’ера камедыі “Бура” Шэкспіра ў
Беларускім тэатры імя Я. Купалы. Сцэнаграфію зрабіў Б. Герлаван, ролю
Алонза сыгралі В. Белахвосцік, М. Яроменка; Себасцьяна – А. Дзянісаў, М.
Кірычэнка, Праспера – Мілаванаў.
У 1990-х пачынае з’яўляцца ўсё больш і больш п’ес Шэкспіра на
беларускай мове. Так у 1990 годзе Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі
паказвае камедыю “Бура”. Рэжысёр спектакля – А. Ляляўскі, пераклад А.
Сакалоўскага. Ролю Проспера выконвалі А. Васько і І. Клімовіч. У 1994
годзе Беларускі тэатр імя Я. Коласа зноў паказвае “Караля Ліра”, але ў
перакладзе Юркі Гаўрука (рэжысёр В. Маслюк). У 1996 годзе
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ставіць “Макбета” (пераклад
А. Дударава, пастаноўка В. Анісенкі). Гэты спектакль стаў лаўрэатам 50-га
Міжнароднага Эдынбургскага фестывалю ў 1996 годзе. У 1997 годзе пад
сцэнічнай рэдакцыяй А. Дударава (і яго пераклад) тэатр імя Я. Купалы
(малая сцэна) паказвае трагедыю “Гамлет”. Рэжысёр спектакля – В.
Анісенка. Таксама п’есы Шэкспіра ставіліся і ў тэатры-лабараторыі
беларускай драматургіі “Вольная сцэна”. У 1989 годзе быў пастаўлены
“Генрых ІV”, а ў 1997 – “Утаймаванне свавольніцы”.
У пачатку ХХІ стагоддзя цікавасць да п’ес Шэкспіра не знікла. Яго
п’есы можна сустрэць у рэпертуарах “Сучаснага Мастацкага тэатра”
“Беларускага Дзяржаўнага тэатра юнага гледача,” “Новага тэатра” і інш.
Сучасныя рэжысёры па-новаму, з дапамогай сучасных перадавых
тэхналогій (“Рамэо і Джульета” пастаноўка “Новага тэатра”) альбо праз
сексуальна-камічны падыход (“Марныя намаганні кахання” Беларускі
Дзяржаўны тэатр юнага гледача) спрабуюць данесці да гледача змест
твора. Некаторыя выкарыстоўваюць мінімальна дэкарацый і толькі гульню
мужчын, як гэта было ў часы Шэкспіра (“Дванаццатая ноч” пастаноўка К.
Агурцовай Сучасны Мастацкі Тэатр). Адно бясспрэчна вялікі англічанін і
яго творы жывуць на беларускай сцэне!
Літаратура
1. Няфёд У. Беларускі тэатр. Мн.: Выд. АН БССР – 1959 – 399 с.
2. Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2т. Т.1: “А досвіткі...” –
Кучынская/Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 2002. –
568с.:іл.
3. Борисова Т.Т. Шекспир на белорусской сцене. Минск, «Наука и
техника», 1964. – 103с.

L.B. Siamionava
Shakespeare in Belarus
Institute of Literature named after Y. Kpala, National Akademy of Sciences,
Minsk
Summary
The works of Shakespeare have made a great impact on the
development of the dramatic art in Belarus. The article reveals the
mechanism of penetration of Shakespeare plays into Belarusian stage. In the
article separate facts about the life of Shakespeare plays on Belarusian stage
and in national literature are gathered, systematized and analysed
Л.Б. Семёнова
Шекспир в Беларуси
Институт литературы имени Я. Купалы НАН Беларуси, Минск
Реферат
Творчество Шекспира оказало значительное влияние на развитие
театрального искусства Беларуси. Данная статья раскрывает механизмы
проникновения пьес Шекспира на белорусскую сцену. В статье
собраны, систематизированы и проанализированы разобщённые
сведения о жизни Шекспира на белорусской сцене и в национальной
литературе.

You might also like